Друг, калі ты ў вёсцы будзеш,
Занясі паклон зямлі,
На якой, як мы раслі,
Нам дарылі ласку людзі.
Пакланіся ўсім руплівым
Той зямлі гаспадарам,
Што заўжды жадалі нам
Долі яснай і шчаслівай!
Там цяпер у родным полі
Не сціхаюць трактары,
Ад зары і да зары
Гулам поўніцца прыволле.
І ніхто з людзей, магчыма,
І не здзівіцца, што ты,
Можа, з тысячнай вярсты,
Мо прайшоўшы ўсю Радзіму,
Зноў вярнуўся к родным гоням.
Толькі знаю: землякі
Добрым поціскам рукі
Там цябе сустрэнуць сёння.
Бо і ўбачаць, і адчуюць,
Для чаго ў бацькоўскі край
Сэрца шчырасць маладую
Ты прынёс у гэты май.
1954