Муха ўбачыла з двара
На коніку камара.
— Куды едзеш, кум-камар?
— Еду, кумка, на базар.
— А што купіш на базары?
— Ўсякай ўсячыны па пары.
Мо цукеркаў, мо прысмакаў,
Абы танны быў тавар.
А яшчэ —
які-ніякі
Купіць трэба самавар.
Вельмі ж мая камарыха
Аслабела — чуць ліпіць,—
Усё б ёй сядзець бы ціха
Ды чаёк салодкі піць...
— Ах ты ж, мілый камарок,—
Муха куму кажа,—
Бачу — добры твой канёк,
Справіцца з паклажай,
Дык ці ж будзе табе цяжка,
Я прашу так мала:
Пашукай там, калі ласка,
Новае мне джала!..
— Добра!..— сказаў кум-камар
Дый паехаў на базар.
Як ён ехаў, як было там,
Як купляў ён свой тавар,—
Што казаць... Была б ахвота,
То ўсё купіш — то ж базар...
Спакаваў камар пакупкі,
Абчапляў імі каня.
— Н-но!..—
І конь, слухмяны, цупкі,
Не абы-каму раўня,
Бы стаенны, ўзвіўся, скочыў
І памчаў — усё шпарчэй...
Так і бачылася: хоча
Ён адолець шлях хутчэй...
Дзе нізінай, дзе гарою,
Праз лясы, палёў абшар
З добрым, сонечным настроем
Кіраваў дамоў камар.
Аглядаў, як май узвесніў
Ўсю навокал старану...
І не раз ад сэрца песню
Тонка-ценька зацягнуў...
Быстры конь імчаў заўзята,
Седака з ахвотай нёс...
Але вось ужо і хата —
Ціхі дворык
між бяроз...
Пазнімаў з каня паціху,
Як руплівы гаспадар,
Рэчы ўсе —
і камарыху
Скарб прыняць
гукнуў камар.
І стаяў, падзяку слухаў:
— Малайчына ж ты, дальбог!..
А той самай хвіляй
муха —
З-зум! — прыджгала на парог...
— Ах, мой мілы камарок,—
Крыллем замахала,—
Ці купіў жа ты, кумок,
Новае мне джала?
Я ж не ела, не піла,
Спаць, кумочак, не магла,
Свет без радасці зусім
Стаўся з жалам мне тупым...
— Як жа, як жа! —
мусе кажа
Задаволена камар,—
Разбяромся от з паклажай,
Знойдзем, кумка, твой тавар!
Бач! Авой, і тлуму мала! —
От жа, кумка, і яно,
Тваё новенькае джала,
Ну, нібы верацяно!..
Як убачыла, пазнала
Муха джала,— запляскала
Гучна ў ладкі:
— Ой, кумок,
Дзякуй табе, камарок!..—
І, не трацячы дарэмна
Ні хвіліны,—
спрытна, кемна
Тут жа, проста на вачах,
Жала мігам памяняла,
Ды так досціпна і ўдала,
Што пат нехта крыкнуў «ах»
Ад здзіўлення...
Камарыха ж
Пажадала,
каб больш ліха
Муху-кумку не чапала,
Каб ніколі яе джала
Не псавалася нічым,
Не рабілася тупым...
І камар жадаў для мухі
Надалей жыцця без скрухі,
І камар —
душою ўсёй
Толькі ўцехі зычыў ёй...
Але раптам — што за штука? —
Чаму скурчыўся камар?
Ззелянеў ягоны твар?..
Чаму раптам — быццам мука
Камарыху апякла,—
Ледзьве долу не ўлягла?
Ледзьве дыша немым дыхам,—
Мо канае камарыха?..
А то муха —
перш чым стала
З новым джалам адлятаць,—
Пажадала
гэта джала
На кумочках паспытаць.
Дзеўбанула, секанула
Камарыху з камаром —
Бы маланкай пеканула,
Бы працяла тапаром...
Секла-біла з лютай пыхай,
Быццам віхар нёс удар...
І зайшлася камарыха,
І не войкае камар...
Што такое? —
ў злосці муха
Аж сіпіць:
— Чаму маўчаць?..
— Ах, дык вось як ты паслухаў
Сваю кумачку-сяструху!..—
Пачала яна крычаць.—
Замест джала, мой ты мілы,
Што, скажы, ты мне прывёз?
Хоць сяку з усёе сілы —
Ані енку, ані слёз...
А ці ж ты не мог уважыць
Сваю бедную куму?..
Хай жа самы горшы цяжар
Роду выпадзе твайму!..
...Муха з лютасцю крычала,
Бы яе падсмольваў жар...
Камарыха не ўставала...
З болем курчыўся камар...
Толькі конік трохі збоку
Стаў, чакаў непадалёку,
Ды прытоена маўчаў,
Ды ўсё пільна прыкмячаў...
Хоць даўно была пара
Ўжо ісці яму з двара,
Але шкода камара
З яго кволай камарыхай
Пакідаць яму было...
І стаяў ён, сумна, ціха,
Бы засілены ў сіло...
І стаяў ён, колькі можна,
І шаптаў сабе трывожна...
А шаптаў ён — вось што:
Знайце —
Ад стара да мала:
— Аніколі не спяшайце,
Аніколі не купляйце
Анікому джала!..
1986