Балтыйскае грознае мора
Грымела залпам «Аўроры»,
Кідала на неўскія плёсы
Суровую мужнасць матросаў
І горда над хваляй салёнай
Нясе сёння вымпел чырвоны.
Шумяць чарнаморскія ветры
Пра партызанаў Ай-Петры,
Ад Керчы да Балаклавы
Звіняць севастопальскай славай,
І вораг не спіць за Басфорам
Ад гэтага голасу мора.
Упэўнена і несціхана
З вялікага акіяна
Цябе акрыляе адвагай
Песня пра подзвіг «Варага»,
Пра сэрца Лазо, пра віхуры,
Пра грукат гармат на Амуры.
Далёка шляхі разгарнулі
Твае акіяны ў прасторах,
Радзіма!
А сёння пачулі
Мы кліч твайго новага мора.
Па стэпу, што выцвіў наўкола,
Раскінуцца светлыя плыні,
І мора Цымлянскага голас
Звінець будзе ў роднай краіне.
І будзе ў ім мірная песня,
Што мы на будоўлю прынеслі.
А песня аб сонечнай мары:
Садамі ўпрыгожыць абшары,
У стэпах, дзе білі гарматы,
Пасеяць на шчасце зярняты,
Каб нівы шумелі без краю
Сваім залатым ураджаем!
1951