Яшчэ не быў гатоў наш дом,
Не віўся дым з трубы,
А ўжо над ім пагожым днём
Кружылі галубы.
Нядарма тут, дзе гул работ,
Дзе высяцца капры,
Спынілі вольны свой палёт
Крылатыя сябры.
Яны па шчырасці заўжды
Сабе знаходзяць кут.
Такі — дзе б доўгія гады
Вітаў іх з ласкай люд.
І, значыць, ведаюць яны,
Што з намі век ім жыць,
Што ад вясны і да вясны
У доме — шчасцю быць.
І мы сказалі: трэба нам
Хутчэй страху ўздымаць,
Каб было добра галубам
Пад ёю гнездаваць.
1951