Быццам летні пошум ліўня,
Быццам птушкі вуркатанне —
Што там чуецца ў даліне
У чароўны час світання?
Там арык каменні горне,
Сярод ніў бруіць, пляскоча,
А над ім, як прысак зорны,
Ціха спеў звініць дзявочы.
Покі сонца ўсцешыць далі,—
Новы ў свет ручай пальецца,
І з яго сцюдзёнай хвалі
Жоўты рыс вады нап’ецца...
Ці то хруст ільдзінкі ўвосень,
Ці нясмелы ўскрык малога —
Што там горны вецер носіць
Над запыленай дарогай?
Гэта рэпаецца спелы
Жоўты струк, тугі і поўны,
І на свет выходзіць белы
Зіхатлівы твар бавоўны.
Сокам пырснуўшы, з галіны
У траву гранат спадае,
І, здаецца, ўжо з-пад гліны
Сцеблік новы прарастае.
Але чый там стрэл у горах
Знепакоіў раптам ранак?
Рэха вынесла ў прастору
Крык спалоханы джайрана.
Гэта хлопец вернай куляй
Метка ўцэліў барсу ў сэрца,
Каб маленькую казулю
Ўратаваць ад цяжкай смерці.
Злёг драпежнік. Сціхла ў скалах.
І глядзіць юнак з пяшчотай,
Як спакоіўся памалу
Зноў джайран, на рэчцы ўпотай
П’е ваду, грызе карэнні
І, нібы чагось шукае,
Капытом у задуменні
Жвір глыбока разграбае.
1947