У гушчары, на скрыжаванні торных
Лясных дарог,— вышэй сваіх сяброў
Узрос магутны граб.
І непакорна
Стаіць пад гулкім націскам вятроў.
У час нялітаснай асенняй буры
Ён першы сустракае люты ўдар,
За ўсіх сяброў сваіх са злой віхурай
Ён дужаецца гнеўна — твар у твар.
Яго агнём паліла з чорнай хмары —
Маланкі дратавалі, як на здзек.
А ў ціхі час, калі ён песціў мары,
Каля яго спыняўся дрывасек.
Хто гэтага не знае — як прыемна
Ля волата курыць і слухаць бор!
І дрывасек, без прыдумкі таемнай,
У цела граба ўсодзіць свой тапор...
Сядзіць і курыць — ён замілаваны,
Спакойна ў лесе для яго душы...
Хіба ён чуе, як ад новай раны
Граб нема войкне у лясной цішы?..
І так заўжды.
Але ніякім болем
Нязломнага не зрушыць. Ён стаіць,
Магутны, з гордаю і мужнай доляй,—
Сабой другіх ад здзекаў засланіць!..
Мой лёс не гэткі.
Але з гэткім лёсам
Згадзіўся б я. Хай і мяне сякуць
Агні, што тояць грозныя нябёсы,
І крыўды, што ліхія людзі ткуць.
Хай буду я нягодай здратаваны
За ўсіх сяброў, з якімі ў шлях ісці,—
Каб толькі зналі людзі:
ёсць адданасць
Ёсць вера непахісная ў жыцці!
1957