Адзін груган,
драпежнік хцівы лесу,
Што звык жыць правілам:
хачу, дык і гражу,—
Штодня дзе-небудзь перасоўвае мяжу.
Ахвяру выбраўшы, дзярэ гарляк:
«Я тут кружу,
Тут скрозь абсяг
маіх жыццёвых інтарэсаў,
Таму — імчы адсюль,
пакуль твой род не спрах!..»
І кідае ахвяра родны кут...
Што ж, гоніць страх:
Каму ахвота апынуцца ў кіпцюрах?!
Апошнім часам
у разбойным шале
Знявечыў пліску ён каля яе гнязда,
Напаў бязлітасна на пеўчага дразда,
Асіраціў малінаўку — без жалю
Скрывяніў яе дзетак і сясцёр,
А зараз — крывапівец-жывадзёр
Па-над галубкай крылле распасцёр...
Што будзе?..—
Край лясны ў трывозе сцяўся:
Няўжо ізноў удасца гругану
Злачынства?..
Але не...
Ажно ўсхадзілася зямля ўся,
Зямля, што бедаў вызнала цану,
Што ў бітвах, у пакутах
уздымала веліч века,
Устала ў вобразе асілка-чалавека,
Грыміць, б’е штормам
абурэння акіян...
І адступіў, хітнуўся ўбок
раз’ятраны груган...
Галубка радая,—
шле чалавеку песню славы,
Буркуе пра свабоду, пра вясну...
Зямля ж — уся на варце:
Хоць і спынены напад крывавы,
Не верыць яна хціўцу-гругану!
Не верыць! — і збірае ў шэрагі
змаганцаў мужных,
Каб адагнаць бяду
ад кожнай стараны...
Баліць, баліць зямлі,
пакуль яшчэ над светам кружаць,
Ахвяры выбіраючы, ліхія груганы...
1984