Ляцелі гусі.
Са здалёк, відаць, ляцелі —
І стаміліся, напэўна...
І селі гусі
Каля нашай хаты
На асеннюю раллю...
А тады апала шэрань.
І набраклыя
скавала птахам крылы.
І яны,
Калі адчулі,
Што ў палёт ім больш не ўзняцца,
Закрычалі
На ўвесь цэлы свет вялікі
Пра сваю бяду...
Гусі, гусі!..
Я пачуў іх
І збянтэжаны прыбег у нашу хату.
І знямелы я застыў перад табою,
І адно вачмі
табе паказваў у акно.
І тады
наўздзіў спакойна, ціха
Ты ўзяла сваю паркалёвую хустку
І пайшла —
Як да дзяцей сваіх маленькіх,
На раллю
да тых спалоханых гусей.
Ты прыйшла да іх —
Звычайна, рупна, проста.
Так звычайна,
Быццам так было штодня, заўсёды.
І спакойна
Ты за птушкай птушку брала
Ў свае рукі,
І спакойна абцірала
Шэрань ліпкую
з іх крылаў і з іх ног.
І даверліва з табою
Гусі-лебедзі пра нешта гаварылі,
І шчаслівыя ўзнімаліся на крылы,
І ляцелі — паляцелі твае гусі
Ў свет вялікі,
пакружыўшы над табой...
З той пары —
Што ні адбудзецца ў жыцці —
я ўспамінаю
З верай, з яснаю надзеяй тую восень,
І раллю, і развітальны крык гусей.
З той пары —
Як толькі цяжка мне бывае —
Падыходжу да цябе, ўскідаю рукі
І чакаю —
каб сваімі дарагімі,
Дарагімі мне давеку і святымі
Дакранулася рупліва ты да іх...
Ці пяшчотна,
з ласкай матчынай,
паклала
Свае праведныя рукі
На маё плячо...
1979