Я і сёння б падняўся ў атаку
На той па грымотнай вярсце,
Дзе цяпер пад журбой абеліска
Каліна расце.
Я і сёння ў агонь і пад кулі
Зноў пайшоў бы — ці дзень, ці зара —
Толькі б крыкнуў таварыш камроты:
«За Радзіму, наперад, ура!»
Я ізноў напаіў бы зямельку
Сваёй чыстай салдацкай крывёй,
Толькі б знаць, што для ўсіх ён — апошні,
Мой цяжкі, мой рашаючы бой.
Без спалоху, без крыўды, без жалю
Я пайшоў бы ў сырую зямлю,
Толькі б знаць, што жыццю застанецца
Ўсё, што сэрцам так моцна люблю,
Хай мяне узяло б без астатку
Ненажэрнае пекла вайны.
Толькі б болей ніколі, ніколі
Не хадзілі на бітвы сыны.
Толькі б сонца, прамністае сонца,
Ззяла ясна ў сваёй вышыні.
Толькі б краю
навечна, навечна
Мір і радасць, шчаслівыя дні.
1984