Я ўстану рана — з сінім ветрам,
Калі яшчэ дыміцца бор,
Калі сцяжыначка прыкметна
Па тым адным — цвіце чабор.
Будзіць не буду. Спі, дзяўчынка.
Па ўзросту — мне амаль дачка.
Адно ля воч бяжыць маршчынка,
Як цень ляснога раўчука.
Што будзе з намі? Снег на скроні
Апаў, падзе і ападзе.
А ты?.. Мой сум цябе дагоніць.
Ды ці стрымае толькі дзе?..