І ў дні, калі раслі,—
За партай школы,
І ў дні, калі ў баях
Прайшлі паўсвета,—
Заўсёды з намі
Быў наш родны Колас,
Гучаў нам голас
Друга і паэта.
Гады мінаюць,
Новыя выходзяць
На шлях жыцця
Юнацкія калоны.
І песняй,
Песняй Коласа ў народзе
Яны ўсё так жа
Юна акрылёны.
Бо ў ёй —
Вясна надзей, краса Айчыны.
І ёй таму і быць
Праз дні і годы —
Нязгаснай,
Як юнацтва успаміны,
Нястомнай
І даходлівай заўсёды.
Жыві ж і не старэй,
Паэт любімы,
Ты сярод нас
І ў будняў дні і ў святы,
Як песня
Маці ласкавай — Радзімы,
Як голас
Маладосці непачатай!
1952