— Паглядзі, што я табе прынесла! —
Радасна сказала дзяўчынка
І падала мне
Папяровы карабочак,
У якім нешта ціха шкробала...—
— Гэта я сама, дзеду, злавіла,—
сказала дзяўчынка,— сама!
Сама злавіла ў полі нешта такое,
Каб зрабіць табе падарунак,
Паглядзі, паглядзі хутчэй, дзеду!
Цікава, а?!
Расчулены амаль да слёз,
Я адкрыў карабочак
І, збянтэжаны,
Убачыў у ім
зялёную яшчарку,
Якая, зняверыўшыся,
што ўжо можа вырвацца на волю,
Глядзела на мяне
Сумнымі вачыма
І зусім не чакала,
Што яе зменіцца лёс...
— А можна,—
спытаў я дзяўчынку,—
Скажы,
А можна мне яе выпусціць,
Гэтую тваю яшчарку,
выпусціць на волю?
Ты не будзеш крыўдзіцца,
любая, а?..
— Не! Не!
Можна, дзядулечка, можна! —
Закрычала ў захапленні дзяўчынка.—
Выпусці яе, выпусці, дзеду!..
І я выпусціў яшчарку,
І яна спачатку
павадзіла галоўкай,
Паглядзела то на мяне, то на дзяўчынку,
Быццам пытала:
«Ці праўда ўсё гэта, ці жарт?..»
А пасля
па пясочку
Пабегла, пабегла,
прабуючы ногі,
І шчаслівая,
Што за ёю ніхто не гоніцца,
Знікла з вачэй...
І, пакуль яна бегла,
радуючыся волі.
Дзяўчынка падскоквала весела
То на адной, то на другой назе
І крычала:
— Яе ўжо няма!
Яна ўжо схавалася, дзеду!..
А пасля
Падбегла ўзбуджаная
да мяне,
І абняла ручкамі
пяшчотна за шыю,
І пацалавала
ў сівую бараду...
1979