Калі будзе шкадаванне —
Дык пра сіняе світанне,
Што ўпусціў, не стрэў, не ўгледзеў,
Не збярог для сэрца недзе.
Калі будзе шкадаванне —
Дык пра сумнае пытанне,
Што ў вачах тваіх — у просінь —
Так маўчаць і засталося.
Калі будзе шкадаванне —
Дык пра след расяны ўранні,
Што і жальбою нязмернай
Не прыпыніш, не павернеш...
1984