«Калінка-малінка...» —
Танцуюць салдаты,
«Калінка-малінка...» —
Аж пыл на шляху.
«Калінка-малінка...» —
Да хлопцаў дзяўчаты
Выходзяць на круг
Сарамліва крыху.
Настойліва,
з заклікам
Грае гармонік.
І ўсё забываецца,
Шчасця апроч.
Ды раптам ракета
Дыхнула ў сасоннік,
Ажно скаланулася
Майская ноч.
І войкнуў гармонік.
І зніклі салдаты.
Гудуць ужо ўдалечы
Іх цягачы.
І ў цемры з трывогай
Застылі дзяўчаты,
Як быццам
ад шчасця
Згубілі ключы.
«Калінка-малінка...»
Юнацкія сэрцы...
«Калінка-малінка...»
Туга і вясна...
Калі ж ты забудзеш
Пра жахі і смерці,
Калінка-малінка,
Мая старана!
1964