Хоць у той карэц
Упалі слёзы маці,
Што ўсё чакала сына:
«Вось і ён,
і ён між іншых прыйдзе!..» —
А кожны, хто яго
Браў з рук матуліных гарачых
І піў ваду сцюдзёную
са студні,
Казаў з уздымам:
— Слава табе,
маці,
Нідзе яшчэ
Такой вады гаючай,
Такой салодкай
Піць не давялося!..
Сягоння тым карцом
І з той жа студні
П’юць з тых жа рук
Зусім другія людзі —
Ва ўнукі больш
І ў праўнукі
Бабусі годны...
Ды і яны не могуць утрымацца,
Каб не сказаць:
— Ах, што за цуд-вадзіца
Шчаслівыя,
Яны не бачаць,
Як
за імі,
Сардэчна пажадаўшы ім здароўя,
Глядзіць самотна
Уся-уся сівая
Матуля
І з пяшчотай галавою ўслед ківае...
1979