Кажаш ты —
і сотні год назад
Тут былі такія ж пералескі?
Акварэльнай сіні далягляд
І на сіні той — бары, як фрэскі?
Кажаш ты — і ў колішнія дні
Тут свяціла неба спелай поўняй?
І дзяўчаты грэлі хлопцам сны
Гэтакаю ж песняю чароўнай?
Кажаш ты — і ў даўнія часы
Тут гулі на травах лета гуслі?
І ў вачах не менш было красы,
І не менш гарэлі ўсмешкай вусны?
Кажаш ты... А я прашу: маўчы!
Ці ж калі ў вяках была хвілінка —
З гэтай вось касынкай на плячы.
На губах з зіхотнаю смяшынкай?
Ці ж хто-небудзь быў яшчэ калі
Шчаслівейшы за мяне на свеце?
Ці каго
вось так, як нас, вялі
Сцежкі па духмяным звонкім леце?
1980