Крамлёўскія ясныя зоры,
Палессе, дарогі Крыма,—
Гэта маё юнацтва,
Гэта мая Радзіма.
Спытаюцца плошчы Пскова,
Бязмежныя стэпы Кубані —
Чаму яны
сэрцу так любы,
Любы да замілавання? —
Я адкажу ім шчыра:
Таму яны мне
так мілы,
Што пад паглядам іхнім
Дужэлі
юныя крылы;
Таму, што на іх дарогах
Ласкай —
ад самага мала —
Песня ўсяго народа
Сэрца маё калыхала...
Радзіма! Ты мне патрэбна
Як сонца і як паветра,—
І пахам Алтая хлебным,
І чарнаморскім ветрам,
І хвалямі рэк паўночных —
Парожыстым гулам Віціма
І цішаю Белавежы
Патрэбна ты мне, Радзіма...
Патрэбна ты мне навечна
Чырвоным герояў сцягам,
Што падымае сэрцы
На любасць і на адвагу,
Што асвятляе свету
Дарогі міру і славы —
Імем майго народа,
Імем маёй дзяржавы!
1961