Жыццё дало мне шчасце:
Сёння
Свае гасцінныя вароты
Крэмль адчыніў перада мной.
— Заходзь!..
І, можа, ўпершыню
Я зразумеў, чаму мне маці,
Яго не бачыўшы ні раз,
У простай казцы пра асілка
Змагла сказаць, што ён такі.
Такі,—
Што я магу вось зараз
Зайсці ў палац звычайным крокам
І ў сэрцы новых сіл дыханне
І нараджэнне песні ўчуць;
У рукі ўзяць галінку з хвоі,
Пазнаць палескай пушчы пах,
І ахмялець, і ўчуць у далях
Зямлі бацькоўскае напеў;
Пакратаць сцены векавыя,
Іх моц адчуць і ў родны Мінск
Зноў захацець, каб на руінах
Палац прыгожы збудаваць...
Але не толькі я адзін
Прыйшоў сюды. З усёй краіны
Са мною тут мае сябры.
І кожны з іх на гэтых сцежках
Знаходзіць рысы тых дарог,
Дзе ён ішоў у маладосць.
Куточак рускае зямлі
Ў сябе ўвабраў Радзімы рысы,
Сабраў усіх народаў думы
І, як у люстры, іх адбіў.
І ў шчасці — людзям розных моў —
Нам захацелася ля гэтых
Высокіх вежаў размаўляць
На мове той, якая ўсіх
Нас у адну сям’ю з’яднала.
Нямала шчырых слоў знайшлі мы
У гэту радасную хвілю.
Было так цёпла,
Шчыра,
Проста...
І так хацелася, каб радасць,
Што прамяніла ў нашых сэрцах,
Дайшла да ўсіх людзей планеты
І аб’яднала іх,
Адкрыўшы
Прад імі
Шлях у шчасны свет!..
1947