На бярозцы над палянкай
Дом зрабіла берасцянка.
У траве, дзе скрозь цянёк,
Меў куток лясны канёк.
А над імі — спеў лагам
Пасылала івалга.
Вось было дзе ўцехі ранкам!
Як засвішча берасцянка,—
Ёй з лаўжыны недалёкай
Так адкажа валавока,
Так зальецца, так зазвоніць,
Што аж дзівіцца сасоннік,
А разбуджаны ляляк
Ціха сядзе на кругляк
Ды пытае: «Што за крык?
Хто тут ёсць? Уік-уік».
— То не крык! — Канёк смяецца.
І ніяк не напяецца:
— Я — канёк. Я тут вось, тут,
Я люблю свой родны кут,
Усю ў радасці зямлю
Я люблю, люблю, люб-лю!..
Толькі івалга часамі,
Бы не згодная з сябрамі
Ці пакрыўджаная некім,
Свісне з жаласцю жалейкі,
Так у спеве засмуткуе,
Узнясе журбу такую,
Што нат волаты-дубы
Затрымцяць ад той журбы.
Вось тады ўсе птушкі з песняй
Устаюць па ўсім узлессі,
І гучыць з вяршынь і долаў:
— Не патрэбна нам туга!
— Будзь вясёлай,
Будзь вясёлай,
Івалга,
Івалга!
1966