То не вавёркі адліжным раннем
Кідалі сне**жкамі
У сляды палазоў.
То сосны страсалі зімовае ўбранне
Пад цёплым ветрам пасля маразоў.
На палянах і ўзгорках, каля пнёў апаленых,
Задыміўся поўднямі перапрэлы дол.
І вунь ужо выбегла на праталіну
Пралеска —
І здзіўлена глядзіць вакол.
Яшчэ сярод ночы падрыжаць давядзецца ёй.
Ды яна не такая,
Каб адступіць.
Яна — як жывое сіняе вядзерца,
З якога можна радасці папіць.
Адыдуць дні, марозаў міне апаска,
І аднойчы глянеш і не верыш вачам:
Прад табою
Пявучая праменная казка
Ходзіць па свеце
З багаццем чар.
Там яшчэ снег цьмее,
А тут ручай булькае.
Там яшчэ хрусне ільдзінка,
А тут кнігаўкі крычаць «кі-гі».
І кожная галінка — струна гулкая.
І ў кожнай вятрынкі — голас тугі.
І хоць часам яшчэ праплыве міма
І насыпле крупамі хмара без дна,—
А ўжо нават сам дрыготкі адзімак
Вяшчуе звонка:
— Ідзе вясна!
1963