Неўгамонная птушка івалга,
Птушка івалга ля майго акна,
Што ты жалішся, птушка івалга,
Дзень і ноч: «Я — адна, адна»?
Я ўстаю —
яшчэ туманы ў лугах,
І на смолка х дыміцца світанку сок.
Івалга, івалга, журботніца івалга,
Нездарма ты выбрала мой лясок.
Нездарма рассыпала, пяюха івалга,
Малінавыя слёзы на мае сляды.
Я таксама адзін,
птушка мілая,
Пазіраю ў сціхлыя свае гады.
*
А дзе ж гэта было?
Дзе было?
Ой, за дубровы сінія
Лета плыло.
Плыло лета,
У краскі адзета,
За шляхі жураўліныя,
За бярозы белыя...
А там — пад журбой арабінавай
Песня нясмелая.
«Капаў хлопец крынічачку —
Вады не дастаў.
Дзе ты, Ясю?..»
Па-над Ясем
Бой адгрукатаў...
«А што ж з тае крынічачкі
Арлы ваду п’юць...
Дзе ты, Ясю?..»
Над дзяўчынай
Сумна бубны б’юць...
Вецер трэпле п’яна, груба
Белы-белы шоўк...
Чакала цябе доўга, любага,
А ты не прыйшоў.
Ой, жаль, жаль...
*
«Будзе ў мяне хлеб, і мёд,
І каша густая —
Ды заб’юся, як аб лёд
Рыбка залатая.
Будзе сонейка ў акне
І месячык ясен —
Ды не раз,
не раз
у сне
Крыкну:
«Дзе ты, Ясю?
Дзе ты тое поле дзеў —
Між лугоў, між вітак,—
Дзе калісьці сам хацеў
Сеяць наша жыта?»
*
А ўзрасло у Яся жыта
З асотам, нявеяна,
Узрасло на полі бою
Само, самасеяна.
«Ой, скажы ж ты, жыта,
Суровае жыта,
А ці ўсё ты, жыта,
Зернем наліта?» —
«Ой, я і наліта
І ветрам не збіта,
Ды толькі жняёю
Чамусьці забыта.
Стаю тут, журуся,
Жаліцца баюся,
Бо вось пахілюся,
На дол завалюся...»
*
— Не ўсе лугі пакошаны...
Не ўсе нівы пажаты...
А я ў цябе, родна маці,
Астаўся нежанаты.
— А хто ж табе вінаваты,—
Кажа сыну маці,—
Што збіраўся доўга ў сваты,
Ды не ўмеў узяці.
— А якую ж мне, матуля,
Сёння ўзяць? Скажы ты.
Хто ў суровым маім полі
Сажне маё жыта?
— Бяры тую,— маці кажа,—
А што рук табе не звяжа.
Бяры тую, дарагую,
Што іншых не знала,
Ні па кім не сумавала,
Аднаго кахала.
А як выбераш, сыночку,—
То на век, не меней.
Беражы сваю галубку,
Як той галубеня.
*
То ж было так — на галубку
Напалі галкі чорныя,
Напалі галкі чорныя,
Зладзейкі праворныя.
Скубуць галкі галубку,
Скубуць, насядаюць.
Дзяўбуць у самыя вочы,
З гнязда выкідаюць.
Ой, як кінуўся галубеня
Уратаваць любку —
Як ударыў ён па галках,
А трапіў у галубку.
Пахіснулася галубка,
Пала на калені
І гаворыць са слязамі
Свайму галубеню:
— Дзякуй табе, дружа любы,
Я за ўсё дарую.
Дзякуй табе, не журыся,
Калі і памру я.
Бо я веру, сэрцам веру,—
Сэрцу ўцешна стала,—
Што ў гняздо сваёй галубкі
Ты не ўпусціш галак.
*
А ў нядзелю рана-рана,
Ой, рана, на Йвана,
Выйду ў поле —
мо чакае
Там мая кахана.
Можа, ўбачу, мо пазнаю,
Хоць і пастарэла,
Адзіную, што на шлях мой
З любасцю глядзела.
А ў нядзелю, рана-рана,
Ой, рана, на Йвана...
Што было наканавана —
Бурай раскідана...
*
Журботная пад акном
Івалга-птушка,
Спявай ноччу мне і днём,
Любая пяюшка.
Птушка івалга, птушка івалга,
Шчырая, пяшчотная.
Не кідай мяне ты, мілая,
Хаця б і залётная...
1968