Столькі было пацалункаў у ім,
Столькі жыло бяссонных начэй,
Столькі лятункаў, з іх веснавым
Бляскам добрых дзявочых вачэй,
Што аж спалохаўся хлопец на міг:
Дзе яму столькі багацця падзець?
Гэта ж толькі на песнях адных
Можна да самага сонца ляцець!
Доўга-доўга чытаў ён яго,
Ліст — у дыханні кветак і траў.
І паступова ля сэрца свайго
Скарб непаўторны дзявочы хаваў.
Ясныя мары, шчырыя сны,
Ласку праменнай усмешкі, з якой
Дзеўчына на пуцявінах вясны
З думкай аб ім свой шукала спакой.
І калыхаецца з водарам рос
Лёгкі паперы лісток у руках,
А прыгажосць, што з сабой ён прынёс,
Б’ецца, смяецца ў хлопца ў грудзях.
1951