Ён быў такім магутным, лівень
Што мог, здавалася, скасіць
Дуб, як травінку, і ў парыве
Маланкі ў небе пагасіць.
Размыў шляхі, прыбіў да долу
Зялёных парасткаў узлёт,
Прайшоў здаволены, вясёлы
Ракой праз кожны агарод.
Калі ж зямля сказала «досыць»
Каб сонца ззяла для сяліб,—
Ён расчасаў яшчэ раз косы
Бяроз, напіўся мёду з ліп
І, заглянуўшы ў вокны хаты,
Цішком блукаючы ў лістах,
Вясёлкай, яркай і стракатай,
Над краем радасным устаў.
1945