І за радасць, што з намі ад самага мала
На вялікіх жыццёвых шляхах сябравала,
І за тое, што ўмеем любіць без дакораў
Свайго краю прастор, яго сонца і зоры,
І за песню, якую калісь ля калыскі
Ты спявала для нас, марай ззяючы ў хаце,
Каб шчасліва жылі мы,—
паклон табе нізкі,
Наша родная маці!
Можа быць, не пазнала б цяпер пры сустрэчы
Ты сыноў,— так у іх разгарнуліся плечы;
Можа быць, у іх думах бязмежных, як неба,
Часам ты не змагла б зразумець чаго-небудзь,
Але ведай, што дзе ні прайсці ім пад сонцам,
Што ні зробяць на радасць вялікай Радзіме,—
Яны ўсюды з табою, любоўю бясконцай
Неразлучна ты з імі.
І разумныя ў стэпах дарогі каналаў
Пракладуць яны так, каб была твая ўхвала,
І, як ты навучыла, з руплівасцю ў працы
Вернуць рэкі пустыням, збудуюць палацы,
І калі ўвесь народ з ласкай шчырай, прыветнай
Будзе дзякаваць ім за адданасць у справах,—
У той славе сыноў тваіх, славе сусветнай,
І твая будзе слава.
Будзе слава рукі працавітай, шурпатай,
Якой |кой } нас частавала, праводзячы з хаты,
Таго погляду, яснага, крышачку з сумам,
Што праменнем з’яўляўся ў юнацкія думы
Таго слова, якое праз доўгія годы,
Адкрываючы мужных пачуццяў багацці,
Было з намі заўсёды наказам народа,
Наша любая маці!
1951