У радасных думах народных
І ў песнях вітальных сардэчных
Адно пачуццё непагасна,
Як яснае сонца, жыве:
І любасць сваю маладую,
І шчырую ласку навечна
Мы ўсе аддалі сваёй роднай,
Сваёй ясназорай Маскве.
Масква! Ў шчырай дружбе з табою
Мы шчасце знайшлі дарагое,
Сягоння ўсе людзі па свеце
З жыцця твайго прыклад бяруць
Масква! Паглядзі, як прывольна
Пад зоркай крамлёўскай тваёю,
Пад поглядам ясным Радзімы
Красуе, цвіце Беларусь!
І слова падтрымкі братэрскай,
Падзякі за подзвіг працоўны,
І мужныя словы аб міры
Заўсёды, як кліч агнявы,
У радасны край беларускі,
Што роўны ў Саюзе між роўных,
Прыходзяць дарогаю славы
З любімай сталіцы Масквы.
І ведаем мы: не разлучыць
Ніхто нас, з’яднаных, ніколі,
Жыць будзе вялікая дружба —
Крыніца жыцця, хараства.
Паклон табе, нізкі, народны,
Масква, сімвал сонечнай долі,
Вясновае наша вітанне
Табе, дарагая Масква!
1953