Проста з брамы,
проста з хаты,
Пад птушыны перабор
Я ступаю ў свой кашлаты,
У дрымучы, цемнаваты,
У вясёлы гулкі бор.
Я заходжу ў бор паціху,
Як было ва ўсе гады.
Ля сасны высокай
крыху
Пастаю, нібы сляды
Даўніх сцежак прыгадаю
Ці душою адгадаю,
Чым мой бор жыве,
агледжу
Ў думках зноў усе куткі,
Дзе кражы, нібыта вежы,
Дзе між імі ўлукаткі
Ходзіць днём прамень,
Дзе часам
Гне мядзведзь з дубка дугу,
Дзе чмяліны мёд між красак,
Дзе пяюць вятры тугу,
Дзе ўспаміны, дзе лятункі...
Так заўсёды пастаю
Пад сасной высокай, стрункай.
Ад нікога не таю:
Я з маленства тут як родны,
Мне нішто тут не ў дакор.
І заўсёды ён лагодна
Мяне стрэне, мілы бор.
То ён ціха загамоніць,
То задумліва зазвоніць,
То паважна запяе
Песні мудрыя свае;
А калі, бывае, позна
Гнеўна чубам трасяне,
Нібы ўчуўшы кліч пагрозны
Ці якую крыўду ў сне,—
Дык такое на хвілінку...
А затым — ізноў наўсцяж
Ён пяе сваёй галінкай,
Ён пад сонца гоніць краж.
Там імшарынкай смяецца,
Там палянкай зіхаціць;
Там у самым кволым дрэўцы
Вяжа сонечную ніць,
Там сцяжынкі пухам меціць,
Поіць парасткі расой...
О мой бор! Адзін на свеце
З гэткім лёсам і красой.
Колькі раз яго шляхамі
Я хадзіў пад шум хваін —
То пяскамі, то імхамі,
Ля азёр і ручаін;
Колькі раз пад кожным дрэвам
Меў прытулак і начлег,
Слухаў сініх зорак спевы,
Чуў, як сыпкі шэпча снег.
Колькі раз!
А ўсё ж няспынна
Клічуць сэрца ў кут лясны
Спеў птушыны, стук дзятліны,
Пах мядовы, верасны,
Голас рэха,
Гоман сосен...
Ці вясной прыйду ці ўвосень
Да знаёмых гушчароў —
Тут усё хвалюе кроў,
І спыніцца не магу я,
Не магу не спець свой гімн —
Пра старонку дарагую,
Дзе за шчасце мы стаім,
Пра старонку,
Пра зямліцу,
Дзе ўзраслі, шумяць бары,
Што ў ліхія навальніцы
Ўсе былі як змагары!
1963