Мы пад вечар прыселі пад цёплай капой.
Ціхі дожджык
пра нешта шаптаў нам, як друг.
І здавалася —
быццам даўно тут з табой
Мы жывём,
касьбітамі прыйшоўшы на луг.
І скасілі траву, і згрэблі ўсцяж ракі.
А зусім недалёка —
ад Сожа ў баку —
Наша хата; і мілыя нашы бацькі,
Бы гасцей, сына ждуць і нявестку-дачку...
Ні вятрынкі, адно толькі хліпае мель
Ды часамі ўздыхне чаратоў гушчыня.
І ад губ тваіх мокрых, бы гулкі струмень,
Уліваецца ў сэрца маё цеплыня.
Непакорныя губы!
Няма ў мяне сіл
Адарвацца ад іх. А ты просіш: «Маўчы!»
А сама, як дзве радугі праз небасхіл,
Мне знаёмыя ўсмешкі нясеш уваччы.
І я чую — глядзіш, як ты любіш заўжды,
Проста ў сэрца, бы нейкі шукаеш сакрэт.
Хоць і знаеш даўно, што ў жыцці праз гады
Ты адна для мяне — і сакрэт мой і свет.
Ты глядзіш, і дзве радугі — па-нада мной.
Нада мной і над лугам, над краем усім.
І здаецца:
каб мог — несціханай струной
Стаў бы я прад табой — назусім, назусім!..
1964