Мы тады не ведалі,
што хтось і загіне...
Мы тады пра многае
шмат чаго не ведалі...
Далягляд свой бачылі
толькі ў сіняй сіні,
Дзе ў шляхах не збіцца
з сонечнага следу...
Мы тады не думалі,
што ў жыцці расстанне
Можа быць бясконцае,
а магчыма, вечнае...
Толькі з песняй зналіся,
калі сумна стане,
Без трывог спяшаліся
на цягнік сустрэчны...
Мы тады часамі
нават з адрасамі
Што рабіць — не зналі...
За імклівым лётам
На сяброўскі заклік
падоўгу не пісалі:
«Ат, яшчэ час будзе,
неяк потым, потым...»
На апошніх вёрстах
з перуновым бліскам
Шкадаваннем выбухне
успамінаў неруш...
Перад ціхай зоркай,
перад абеліскам,
Станеш на калені...
галава — аберуч...
1977