На Сёмай авеню1
Я быў з амерыканцамі, людзьмі ў рабочых робах,
На Сёмай авеню.
Дзяліў нароўні з імі і гнеў іх, і жалобу
На Сёмай авеню.
— Прэч рукі ад В’етнама! —
гуло магутным валам
На Сёмай авеню.
І ў гэтым клічы дружным Амерыка ўставала
На Сёмай авеню.
Амерыка сумлення свае ўзнімала рукі
На Сёмай авеню.
За мір галасавала, за долю без прынукі
На Сёмай авеню.
Амерыка сумлення шчыльней яднала шэраг
На Сёмай авеню.
І ў гэты дзень асенні я ў лёс яе паверыў
На Сёмай авеню.
Калі ў свой край вярнуся —
успомню дні Нью-Йорка
На Сёмай авеню,—
Нязломныя, як праўда, працоўныя кагорты
На Сёмай авеню.
— Таварышы,— скажу я,—
сябры ў рабочых робах
На Сёмай авеню,
Вы чуеце? Я з вамі — і ў гневе, і ў жалобе
На Сёмай авеню!
16 кастрычніка 1969 г.,
Нью-Йорк
1 Сёмая авеню – вуліца ў рабочым квартале Нью-Йорка