Гукнуў — і з водгуллем і звонам
Па сцежках, высланых дубровай,
Па ціхіх просеках зялёных
Пайшло маё ад сэрца слова.
Яно міне гушчар бруснічны,
Пяройдзе рэкі і азёры,
З далёкім громам навальнічным
У вышыні ўскалыша зоры,
Рассыпле іх з дрыготкім бляскам
На прыдрамаўшую сядзібу
І, адшукаўшы хату, з ласкай
Табе прыветна грукне ў шыбу.
Стаю, сустрэчы ўспамінаю,
Адказу з далечы чакаю.
Калі з-за лесу сонца ўстане,
Раса ўздымі*цца залатая
І ранак чысты ў вочы гляне,
Усмешкай яснай прывітае;
Калі засвішча, заспявае
Птушыны свет ля гнёздаў новых
І ўся ваколіца лясная
І поле ў росквіце вясновым,—
Усё абудзіцца, прачнецца,
Бясконцым водгуллем пальецца,—
Дык, значыць, ты мяне пачула,
І заклік мой не адхінула,
І з ім чаканы дзень спаткала,
І мне ў адказ жыццё прыслала.
1953