На спілаваных соснах
Жывіца,
Як і на жывых,
бруіць слязой бурштынавай тугой...
Жывіца,
Не дакарай мяне, не бі мяне такой тугой
На спілаваных соснах...
Хоць знаю ўсё:
Кроў гэтых прыгажунь
Не дзеля забаўкі, не проста так праліта...
А ўсё ж,
калі б я мог,
Я зняў бы іх святою сэрца акавітай...
Хоць знаю ўсё...
О любы лес!
Даруй нам...
Даруй і пашкадуй...
Калі тваю красу, тваю магутнасць рушым,
Мы і свае,
Мы і свае, як і тваю, глыбока ранім душы...
О любы лес!..
На спілаваных соснах
Звініць бурштын —
як быццам дух зямлі
яшчэ на векавечча не зачах...
І цэлы дзень
Стаіць туга,
Б’е мне праменным болем па вачах —
На спілаваных соснах...
1978