На свеце нас не так і многа,
І як нядоўга разам жыць!
Чаму ж смяротная трывога
Між нас пакутліва імжыць?
Няўжо так многа мы любілі,
Так многа лашчыліся ўсе,
Што зачарсцвелі і забылі,
Як трэба кланяцца красе?
Няўжо нам так нялюбы мроі,
Няўжо няма чаго жадаць,—
Што з крыўдак дробненькіх парою
На свет звыкаем выглядаць?