Нам хочацца быць ля высокіх зораў,
Каб з імі разам цвісці,
Нам хочацца тых бязмежных прастораў,
Дзе можна бясконца ісці,
Нам хочацца шчырай гарачай працы,
Што свету дае прыгажосць,
І так стамляцца, і так смяяцца,
Як здольна адна маладосць.
І колькі ж трэба слоў непаўторных,
Каб зазвінелі ў іх
І наша любоў, і палёт наш зорны,
І мары — адны ва ўсіх.
Мы іх адшукаем. Усё нам магчыма.
І — як адзін чалавек —
Мы скажам табе, дарагая Радзіма:
Ты
нам — наша шчасце навек!
1951