Настае часіна сузірання —
Нетаропкіх, скошаных высноў...
Штосьці адышло без шкадавання...
Нешта ўспомніш: ах, ды каб наноў...
Штось калісьці вогнішчам гарэла...
Штось раней з маланкамі гуло...
Штосьці ўперад строілася смела...
Штось было... Хіба толькі было?..
Настае часіна сузірання...
Настае... Няўжо да скону дзён —
Без агню, без грому існаванне?..
Ціхі след ды мройна-ціхі сон?..
Не! Такога, каб і надзялілі
Скарбамі,— за ўсіх — ды аднаму,—
Не! Жыцця такога ні на хвілю,
Ні на момант нават не прыму.
Толькі шлях —
дзе з сонцам бурны вецер.
Песня — дзе пачуцці, як прыбой.
Нават калі смерць — дык што асвеціць
Дні і ночы для другіх сабой.
Хай ідзе часіна сузірання...—
Толькі як пара, як час трывог...
Час выпрабаванняў без ваганняў
Перад новай далеччу дарог...
1978