Раўчук
Плыў ціха па яры.
Ды сажалкай
Зрабіўся.
А то —
Паклалі
Гаць бабры,
І ён —
Шырэй разліўся.
Цяпер хаджу
Заўсёды я
Да сажалкі
З сябрамі.
— Дзень добры вам,
Баброў сям’я!..—
Вітаемся з
З бабрамі.
На сінім золаку
Заўжды,
Да сонечных праменняў,
Сядзім
Ціхутка
Ля вады
Ў сцярожкім задуменні.
Чакаем пільна
Той пары,
Хвіліны той —
Як свята,—
Калі пакажуцца
Бабры
З таемных,
Цёмных хатак.
І вось яны!..
Нібы жывы,
Стаў
Бераг трысняговы!
Плывуць,
Ныраюць
Паўз травы
Бліскучыя галовы.
Плывуць,
Куляюцца бабры,
Сваволяць,
Весяляцца.
Бо пэўна знаюць:
Мы — сябры!..
Нас
Нечага баяцца!
І кожны раз
Бліжэй, бліжэй
Да берага
Імкнуцца.
І ўсё радней нам,
Даражэй
Іх позіркі
Здаюцца...
1984