Няхай каму-небудзь —
Вянкі ў пазалоце, салодкія мары.
Малочныя рэкі,
Кісельныя берагі.
А нам —
Хоць і тысячы год
Хай бы самае малае:
Сонца, і хмары,
І праца да стомы,
Ажно і да млоснай тугі.
А нам бы —
Хоць дом і будуем сабе
Па-святочнаму новы
І хочам,
Каб край
Ганарыўся ўсім новым
жыццём,—
А нам да сканання
Хай б’е — у акно —
Тою простай
галінкай кляновай
Што ў хаце маленства
Вітала нас
цёплым лісцём.
Ну што ж, калі выпала
Жыць пад нейтроннымі
Ў думках пякельных:
Ад неверагодных разлікаў,
Праектаў
Грыміць галава...
Было б толькі шчасце!
А шчасце — і ведаць, і верыць,
Што нельга, што нельга,
Жыць нельга
Ні хвілі
Без свету —
Дзе дрэвы,
вада
і трава!..
У міг,
Калі з чорнай зямлі
Устаюць архідэі,
А кветкавы пыл
Хабатком
Выбірае пчала,—
У гэткі вось міг
І раджаліся, мусіць, ідэі,
З якімі
спрадвеку
Ішоў чалавек да святла!
1980