Не, я не хачу пісаць
апошняга пісьма...
Страшней яно,
чым прагучаць
апошнім вершам...
Заўсёды да цябе прыйду
са словам першым.
А ў першым слове —
колькі ласкі —
ведаеш сама.
Каханая,
Як нельга ў дзень вясновы
салаўю
Перавязаць, каб не спяваў ён,
Песеннае горла,
Так нельга любасць да цябе
трывожную маю
Спыніць ці зменшыць
без таго,
каб сэрца не памерла.
Я знаю: гэта можа стацца —
назаўжды
Ты адсячэш мінулае
няўмольнай,
сцюжнай рыскай...
І ўсё ж, хоць і балеснаю,
а самай блізкай
І самай дарагой
мне будзеш і тады...
Я і тады
па тваім следзе
рэха год знайду,
Бясконца буду верыць
хуткаму твайму вяртанню.
Няхай хоць і самоту перайду,
няхай хоць і бяду,
Але не здраджу
аднаму на ўсё жыццё
каханню...
Не, я не напішу
апошняга пісьма...
Каханая,
як не плывуць назад
ад мора рэкі,
Так мне не павярнуць святло душы —
яно навекі,
Яму дарогі без цябе
нідзе няма.
Дзень набірае зноўку
вышыню.
Няўхільна, неадступна
прыбывае промняў.
І веру я,
зноў веру у вясну —
Яе ўсім сэрцам бачу
самай векапомнай!
Я веру —
толькі ўскіне прамяні
Світальнай песні
жаваранак стрункі,—
Не зможаш ты стрымаць
пра наш наступны дзень лятункі,
Не зможаш не гукнуць
далёкіх вёсен дні!..
1983