epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ноч

Што гэта за песня там уночы? —

Нешта пра затоенасць начэй...

Пра святую праведнасць дзявочых

Сцішаных, задумлівых вачэй...

 

Што гэта за промень там свіціцца? —

Тоненька кладзецца на траве...

Лашчыцца ў чаротах, мітусіцца...

Човен... Быццам сам сабой плыве...

 

Што гэта над хваляй

б’ецца струнка? —

Быццам крылле звонкае звініць...

Нехта звіў сярэбраную ніць

Стоеным, салодкім пацалункам...

 

Ноч усё схавала і стаіла,—

Таямніцай чыстай ад бяды...

А кагось каханнем акрыліла,

Падарыла шчасце на гады...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан