Ну што, муза,
Пачнём і мы
Да ўсяго чалавецтва
Свае крыўды скіроўваць і скаргі? —
Маўляў, там нас не ўспомнілі,
Там абдзялілі,
Там не па-нашаму зрабілі нешта,
Там у нас не спыталі чагось,
Там не зразумелі,
А там, маўляў,— забылі адзначыць
Нашы былыя заслугі?!.
Ці яшчэ пашлём да людзей
Сведчанне сэрца,
Што мы не рассталіся назусім з маладосцю,
Умеем дружыць з радасцю
І шчыра ўзвышацца
Нават маленькай,
Найпростай удачай,
Умеем не заўважаць, дзе ў нас што забалела,
І сонечна марыць хай і пра мройнае шчасце?..
О муза, муза!
Дзякуй табе
За тваю таварыскую згоду!
Буду тваім паслухмяным слугой
І тваім дапаможцам
Адданым і верным,
Буду
Трываць і цярпець,
Пад цяжарам любым
Не ўпаду, не зламаюся...
Толькі не дай мне
Да той глухаты апусціцца,
Дзе ўжо няма
Ні людзей, ні іх мараў, ні смутку;
Толькі пакінь мне
Да самага скону,
Да хвілі апошняй
Веру, і смагу,
І прагу — жыццём захапляцца!..
О добрая муза!..
1985