Па-грознаму з самых азоў,
Нібы з-за сямі пячатак,
Дыхнула агнём маразоў —
І вось і зімы пачатак.
Як свеціцца сад! На зары
Яшчэ з неастылымі снамі
Гайдаюць яго снегіры
Чырвонымі ў снезе званамі.
Хоць сонца яшчэ не ўстае,
Яшчэ затрымалася недзе,
А ліст неапалы пяе
Пра дзень,
што ўжо ў золаце едзе.
Ляцяць з-пад падковаў камы
Парошы,—
спеў вызваніў полаз:
— Я еду! Вам радасць зімы
Вязу я! — Чуваць яго голас.
Усё ёсць у бурнай у той
У радасці — казкі і спевы,
І сны пад лядовай бранёй,
І сцюжы — аж крышацца дрэвы.
Не моўкне ў ёй прага —
пазнаць
Свет цэлы — а што там чакае?
Ісці, захапляцца, шукаць —
Імпэт ні на міг не змаўкае!..
І слухаюць поле, і сад,
І бор, і азёрныя тоні,
Як гулка ляцяць
між прысад
Дня зімняга
ў золаце коні.
І слухаю сэрцам і я
Той лёт па дарозе іскрыстай.
Імкні ж туды, песня мая,
Дзень новы вітай урачыста!
Няма адступленняў, няма,
Хай снег свае віхры ўзвівае!
О добрая казка — зіма,
О радасць мая снегавая!
1984