Пазнаём непаўторнасць
свету прыгожага:
Мерыдыяны, мацерыкі, акваторыі.
Толькі вывучыць ніяк не можам
Сэрца —
маленечкай сваёй тэрыторыі.
Мо таму, што яно блізка, што яно нашае,
Што яно, безадмоўнае,
б’ецца надзейна,—
Ці помнім аб радасці яго ўчарайшай?
Ці знаем аб сённяшняй яго надзеі?
Прывыкаем заклікаць яго,—
і ў будні, і ў свята
Клянёмся ім горача і самавіта.
А ці чуем, ці непакоімся —
чаго яно звініць, напятае,
Ці затрапеча — птушкай падбітай?
Ці чуем, ці знаем,
як яно просіць, чакае ўсё,
Каб мы ад Гімалаяў, акіянаў і нябёсаў
Прыйшлі да яго ўрэшце,—
і ўрэшце спыталіся:
— Пра што ты, сэрца?
Што трэба для твайго лёсу?..
1977