Пяшчотнае жаночае імя...
Няпіты сок тугіх гарачых вуснаў...
бог!
Не дай мне ўпэўніцца,
што ўжо бязгрэшны я...
Не адбірай,
Не забірай з душы
Агонь спакусы...
Пакінь магчымасць
хоць калі на міг
Залюбавацца самым чыстым, светлым цудам!
Калі ты бог,—
дык ад усіх, усіх дароў сваіх
Аддай адзін —
Быць ля красы,—
І я да скону дзён удзячны буду.
Тады хаця і ў пекла кінь — усё сцярплю,
Усё стрываю, не пакрыўджуся няўцешна.
О сонечны!
Не дапусці забыць
гарачы шэпт «люблю»,
Узнагародзь высокай карай:
вечна грэшны!..
1977