Плылі юбіляру кветкі.
Ракою лілося віно.
І рукі яму паціскалі.
І гаварылі прамовы.
І юбіляр —
такі светлы,
які не бываў даўно,
З усмешкаю
горда
і важна
Адказваў
на гучныя словы.
А побач стаяла жонка.
І гэтак хацелася ёй,
Каб ён яе ўспомніў
дзяўчынкай,
што з ім сваю долю сустрэла.
Каб зноў ён
стаў простым хлопцам,—
паклікаў яе дарагой
І каб не ўспомніў хоць сёння,
што вось як яна пастарэла...
1964