Плылі зоркалёты высока ў небе,
А ўнізе пад імі ніва спела.
І дзявочая песня
аб новым хлебе,
Аб новым,
вялікім шчасці
пела.
Ішлі караблі ў пажаўцелым моры,
А ніва з радасцю іх вітала.
І ў светлых строях
былі прасторы,
Калі дзяўчына клін зажынала.
І бачылі хлопцы
з трасы касмічнай,
Як завіхаюцца людзі доле.
І чулі пах хлеба —
жытні, пшанічны,
І бегла ім сустрач
жніўнае поле.
1980