Усё сатрэцца з памяці: блакада,
Бамбёжак дні, ваенныя пайкі.
Але вялікі подзвіг Ленінграда
Ад сэрца ў сэрца пройдзе праз вякі.
Я раскажу, як чуў, як гэта ходзіць
У песнях, што складаюць над дутор,
У маладым і радасным народзе
Каля цяснін Памірскіх снежных гор.
Быў грозны год. Паўночную сталіцу
Сціскала бітвы хмарнае вязьмо,
Калі туды, праз гром і бліскавіцы,
Прабілася маленькае пісьмо.
Яго чыталі на рабочых месцах,
На баявых пастах,—
і хутка ўсіх
У той жа дзень усхвалявала вестка:
— Таджыкскім дзецям не хапае кніг.
— Чакаюць кніг сябры ў Таджыкістане!
І нат таму, хто ўжо стаяць не мог,
Была такая вестка — як заданне,
Як самая трывожная з трывог.
Ні ўдзень ні ўноч не ціхла кананада.
Ад страляніны аж гайдаўся дол.
Шалела смерць. А людзі Ленінграда
Рабілі кнігі для таджыкскіх школ.
І вось прайшлі ў клапотах дні і ночы,
І лёг на стол апошні экземпляр.
Ўзялі танкісты кнігі ад рабочых —
Сынам Паміра — як свяшчэнны дар.
Іх вораг стрэў нянавісцю і громам,
Каб перайсці праз Ладагу не даць.
Паганец! Ці ж было яму вядома,
Што нельга дружбы сэрцаў расстраляць.
Той дружбы, што народы згуртавала
І сілу ім магутную дала...
...Шалёная варожая навала
Спыніць жыцця і сонца не змагла.
Прапахлыя вялікай бітвы дымам,
Нарэшце выйшлі кнігі на прастор,
І з ласкаю павезла іх Радзіма
Таджыкскім дзецям да Памірскіх гор.
І сёння я іх бачыў.
Садаводаў
І рудакопаў дочкі і сыны
Па іх чытаюць шлях свайго народа,
Шлях да шчаслівай долі і вясны.
Усё сатрэцца з памяці: блакада,
І горач страт, і лёс гадоў цяжкі.
Але вялікі подзвіг Ленінграда {Лепінграда
Ад сэрца ў сэрца пройдзе праз вякі.
1947