Кожны дзень — тук-тук-тук...
Ведаю: то ён,
Зноў прынёс
Пісьмаў пук
Дзядзька паштальён.
З Арменіі,
З Башкірыі,
З Хібінаў,
З Ангары
Мне шлюць пасланні шчырыя
Мае сябры.
Чым жа я вядомы стаў?
Быццам і нічым.
Як яны, я ўзрастаў
З краем дарагім.
Ды змясцілі мой партрэт
Некалькі газет.
І цяпер — не сакрэт —
Піша ўвесь мне свет.
Кожны дзень — тук-тук-тук...
Ведаю: то ён,
З цеплынёй
Родных рук
Дзядзька паштальён.
То белыя,
То сінія,
То ў колер залаты
Ідуць ка мне гасцінна
Ласкавыя лісты.
З Арменіі,
З Башкірыі,
З Хібінаў,
З Ангары...
Вам дзякуй, дзякуй шчырае,
Далёкія сябры!
Я, ведайце, такі ж, як вы,
Як вы, іду ў свой шлях,
І горда гальштук агнявы
Нашу я на грудзях!
1964