Божа любы, як яна крычыць да самай цёмнай ночы!..
І бары ўжо, і лугі амаль паснулі...—
А яна крычыць!..
І што сказаць нам хоча
Позняя зязюля?
То так гулка «ку-ку-ку» гучыць над сінім борам,
Сто разоў, ну пэўна ж сто — не меней.
То абесціцца так квола...
і як бы з якімсь дакорам...
З дрогкім летуценнем...
То кувае светла, ўцешна —
нібы ўсім нясе патолю.
То зажаліцца, як рэха буры ўвосень.
А то раптам папярхнецца
і замоўкне
там, дзе ў цёплым полі
Жыта налілося.
Але гэта мо на хвілю...
а вось зноў, вось зноў,— бы немач пераможа,—
Зноў кувае — часта, радасна і звонка.
Ужо й месяц лічыць зоры,—
а яна ніяк спачыць не можа
Над хваінай гонкай.
І так лёгка, так салодка для душы куванне льецца,
І так радасна хвалюе зораў ззянне.
І так страшна раптам стане —
чуеш: сэрца разарвецца
Без таго кування.
Быццам — толькі яно сціхне, і ты станеш раптам
бедны-бедны,
І навекі, назаўсёды страціш мару-долю —
Нешта выказаць такое,—
не згарэць для душ бясследна,—
Што дасюль не здолеў.
Ах, зязюля, я не знаю, што сказаць ты сёння свету
хочаш...
Ці то плач, ці кліч лятунку адыходны?..
Толькі ведай, што твой смутак
стаў мне блізкі з гэтай светлай ночы,
Як свой любы, родны.
І стаю я над Бярозай, і ў дрыготкім сэрца заміранні
Чую шчасце і якогась болю муку...
І лаўлю, лаўлю з надзеяй —
мне адказам на жаданні, на пытанні —
Дарагое «ку-ку»...
1975