Праславяцца дужыя плечы,
Прыгнутыя бурай гадоў,—
Тыя,
з якімі сустрэчы
У кожны вярталіся дом.
Згадаюцца бульбіна з хлебам
І кубак халоднай вады,—
Тыя,
з якімі над небам
Выраслі гарады.
Запомняцца хустка, і світка,
І думы, з журбою без дна,—
Тыя,
з якімі выткала
Долю мая старана!
1964