Ля кіеўскіх сцен засыпаюць пяскі
Пасечаны меч печанега.
Праз бітвы выходзяць — у свет, у вякі
Цяжкія дружыны Алега.
А ўдалечы свеціцца зорка між хмар,
І бляск яе грозна-суровы.
Сцягі барацьбы, вызвалення пажар
Праносяць палкі Пугачова.
Бязмежныя далі. Вялікі народ.
Расія!
Сям’ёй незлічонай
Ідуць яе дзеці ў адважны паход
На шведа і Напалеона.
Так Пушкін прыходзіць...
Жыві, чалавек!
І вось табе голас вячысты!
І сэрцам паэта бунтуецца век,
Які пачалі дзекабрысты.
Ім вырвацца трэба на вольны прастор,
Іх душыць у царскіх мундзірах.
Але Мікалай падымае тапор,
Рыхтуе капальні ў Сібіры.
І глуха жалезны ланцуг зазвінеў,
І змрочна і цесна ў астрогах.
Так цёмна наўкол, што нат пушкінскі гнеў
Прыгнечан самотнай трывогай.
Дзе ўцеху знайсці? Толькі ў водблісках мар
Засвеціцца слова жывое.
І кліча з народа і славіць пясняр
Адважнае племя младое.
Ён будучай радасцю ў марах жыве,
І з прагнасцю ловіць вачыма
Усё, што здабудзе, жыццём назаве
Расія, Свабода, Радзіма.
Ён бача, як з громам ляцяць кайданы,
Як сонца краіне ўзыходзіць.
Так Пушкін —
навечна, прарокам вясны
Жывым застаецца ў народзе.
Мінулі гады. Рэвалюцыі ход
Развеяў царызму навалу.
Расія, Радзіма — шматмоўны народ
Пад сцягам свабоды з’яднала.
Вясна наша — велічы стала сястрой,
Мы ў шчасце ідзём юнакамі.
І Пушкін у дружны становіцца строй,
І чуецца голас:
— Я з вамі!
1949