Уночы прайшла навальніца,
Пасекла маланкаю клён,
Іржой зацягнула крыніцы,
Прыбіла, паклычыла лён,
Размыла сцяжыны, дарогі,
Сарвала з каната паром,
Пыхлівы, гразлівы і строгі
Гайдаўся пад хмарамі гром.
Праходзіў над борам, над лядам,
Над цёмным залужжам глухім,
Пад водбліск зарніцаў выглядваў,
Каб што не пакінуць сухім.
Але навальнічныя ўздыхі
Паволі заціхлі ўдалі.
І ранак, лагодны і ціхі,
Прыйшоў са святлом на палі.
Ён глянуў наўкола: жахліва! —
Вясновай зямлі не пазнаць...
І ўзяўся за працу, руплівы,—
Гаіць, аглядаць, фарбаваць.
Схіліўся, як сябра, над клёнам.
Пра штось пашаптаўшыся з ім,
Абсыпаў расою зялёнай
І сонца святлом залатым.
І клёну здалося, што — быццам
Не рана на ім зіхаціць,
А проста схацеў ён адкрыцца,
Каб росы лягчэй было піць.
А ранак ужо на дарогах
Стаяў, асушаючы дол,
Жыты падымаў на разлогах,
Збіраў кураслеп у прыпол.
Паром заспакоенай хваляй
Прыгнаў да вусця ў лазнякі,
Як быццам на ім начавалі
Пад цёплым шатром рыбакі.
З вятрамі, расою і сонцам
У кожны заглядваў куток,
І кожнае вымыў аконца,
І кожны расправіў лісток.
1947